Галерэя „Лабірынт”

Кантактная інфармацыя

Адрас
Вул. ксяндза Ежы Папялушкі, 5, 20-052 Люблін
Тэлефон
+48 81 466 59 20
E-mail
galeria@labirynt.com
WWW
labirynt.com

Люблінскае Бюро мастацкіх выставаў (БМВ) было створанае ў 1956 годзе. У больш чым паўвекавой гісторыі гэтай установы вырашальным перыядам былі 1980-ыя. У 1981 годзе на пасаду дырэктара прыйшоў Анджэй Мрочэк. Ён працягнуў у БМВ сваю аўтарскую праграму, рэалізаваную раней у галерэі «Лабірынт», якую вёў з 1974 г. «Лабірынт» прасоўваў актуальнае мастацтва, рабіў націск на фармальны эксперымент.

БМВ стала вядомым у Польшчы і на свеце месцам сустрэч мастакоў, а пасля ўвядзення ваеннага становішча – адной з нешматлікіх дзяржаўных установаў, якія не ахапіў грамадскі байкот. Гэта сведчыць пра давер, якім карыстаўся Анджэй Мрочэк у незалежных артыстычных колах Польшчы.

У 2010 годзе дырэктарам БМВ стаў Вальдэмар Татарчук, як і Анджэй Мрочэк да яго, Татарчук увёў у праграму галерэі прынцыпы, рэалізаваныя ім у Цэнтры Перформанса, які ён вёў у 1999-2010 гадах.

Галерэя «Лабірынт» у значнай меры працягвае традыцыю, усталяваную Анджэем Мрочкам – выстаўляючы класіку сучаснага мастацтва і творчасьць мастакоў, звязаных з яго праграмай, падтрымліваючы даследніцкі погляд на сучаснасць і шукаючы універсальных вартасцяў у мастацтве. З гэтай прычыны галерэя стараецца быць уважлівым назіральнікам пераменаў, якія адбываюцца на абшарах мастацтва, а таксама актыўным і адкрытым на новыя з’явы удзельнікам мастацкіх працэсаў. У праграму галерэі вяртаецца перформанс, які стаў гэткім жа важным, як і выстаўная дзейнасць.

Ідэйную аснову «Лабірынту» складаюць прынцыпы «лакальнасці» і «памежнасці», а таксама пастаянны матыў «пошуку». Яны і акрэсліваюць характар выстаўленага мастацтва і культурных імпрэз.

Галерэя «Лабірынт» з’яўляецца для нас месцам адкрывання мастацтва і перажывання прыгоды з ім. Звяртаючыся да фігуры лабірынту, мы чытаем яе канструкцыю «наадарот» – не як замкнёную канфігурацыю, з якой складана выйсці, а як прастору, якая – дзякуючы сваёй пакручастасці – узмацяне нашую чуйнасць і абвастрае органы пачуццяў. Пры тым мы застаемся вернымі ўпісанаму ў натуру лабірынту акту «блукання». Лабірынт для нас – гэта і гульня ў знойдзеную дарогу, і адказнасць, якую цягне за сабой роля правадніка па невядомай прасторы. Лабірынт – гэта метафара сучаснага мастацтва, упартасць у пераадоленні перашкодаў і цікавасць да таго, што за межамі зроку.